Мерапрыемства ў свята Сабору Беларускіх святых

17 чэрвеня 2018 г. у свята Сабору Беларускіх святых у Навазасімавіцкім сельскім Доме культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае памяці беларускага святога, вядомага грамадска – палітычнага дзеяча, пісьменніка – палеміста 17 ст. прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел дырэктар Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Сяргееўна Каршункова (аўтар сцэнара і вядучая), панамар Генадзь Аляксееў, хор Навазасімавіцкага сельскага Дома культуры “Амафор” пад кіраўніцтвам Натальі Данцовай, настаяцель прыхода іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” в. Новыя Засімавічы іерэй Сергій Сысаляцін, бард Валерый Барылка, а таксама госці мерапрыемства: жыхары Новых Засімавічаў і прыхаджане Свята – Мікольскага храма в. Засімавічы.
Распачаўся вечар з супольнай малітвы, пасля чаго да прысутных звярнулся айцец Сергій Сысаляцін. Прамова святара была прысвечана пытанню святасці. Айцец Сергій адзначыў: “Углядаючыся ў Сабор Беларускіх святых, мы бачым, што ўсе яны ахвяравалі сваім жыццём дзеля справы служэння Госпаду і яго праўдзе. У святых Зямлі Беларускай дзівосна спалучаюцца адданасць Богу з любоўю да Айчыны. Жывучы ў манастырах і пустынях, святыя Зямлі Беларускай стаяць, у той жа час, у цэнтры жыцця свайго народа і дзяржавы: кіруюць духоўным і паўсядзённым жыццём людзей, уносяць неацэнны ўклад у культуру свайго народа, прыцягваюць да хрысціянскай культуры іншаверцаў… Усё жыццё краіны подзвігам нашых святых асвячаецца, асэнсоўваецца і пранікаецца”. Напрыканцы святар адзначыў, што святасць – гэта наша пакліканне, без выканання якога нельга называцца хрысціянамі.
Пасля выступлення айца Сергія вядучыя мерапрыемства зачыталі ўрыўкі з жыція прападобнамучаніка Афанасія, а хор “Амафор” выканаў музычныя кампазіцыі на духоўныя тэмы. Канешне ж, мерапрыемства не абышлося без удзелу ўпадабанага ўсімі намі Валерыя Барылкі, знанага мясцовага майстра бардаўскай песні.