Мітынг у Белавежскай пушчы

5 жніўня 2018 г. ля помніка “Падаючыя крыжы” ў Белавежскай пушчы, на месцы, дзе 77 гадоў назад нацыстамі было расстраляна звыш 120 мірных жыхароў Белавежскай пушчы і наваколля, адбыўся штогадовы мітынг, прысвечаны ўшанаванню памяці ахвяраў.
Сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай і шарашоўскай пасялковай улады, жыхары Шарашоўскага і Сухопальскага сельсавета, родзічы загінулых з Беласточчыны… Сярод прысутных быў і настаяцель храма іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” в. Новыя Засімавічы іерэй Сергій Сысаляцін. Падчас сваёй прамовы святар адзначыў: “Сёння на месцы пахавання нашых землякоў сабраліся людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Нашы дзяды і прадзяды перамаглі ворага, бо не падзялялі людзей паводле нацыянальнай прыналежнасці, а былі як браты. І нам неабходна аб’яднацца для барацьбы, але не супраць кагосьці, а за: за мір між народамі, дабрабыт краін… Змаганне павінна пачынацца ў нашых сэрцах, тады нацызму не будзе…”
Святар заклікаў прысутных разам памаліцца аб супакоі душ нашых землякоў і адслужыў паніхіду па спачылых воінах, якія за Веру, Айчыну і народ жыццё сваё аддалі, і ўсіх, хто пакутліва загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым вакальны ансамбль Навазасімавіцкага сельскага Дома культуры “Амафор” (пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай) выканаў музычныя творы на духоўныя тэмы.
На заканчэнне прысутныя ўсклалі кветкі да брацкай магілы.