Духоўная сустрэча ў Новых Засімавічах

16 верасня 2018 г. у будынку нядзельнай школы пры царкве іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” в. Новыя Засімавічы адбылося мерапрыемства, прысвечанае рэлігійным дзеячам, якія значна паўплывалі на развіццё гістарычных падзей у Беларусі.
Настаяцель навазасімавіцкага прыхода іерэй Сергій Сысаляцін чарговы раз прадставіў прыхаджанам і гасцям благачыннага цэркваў Пружанскага округа протаіерэя Міхаіла Носка, а таксама коратка расказаў аб знакавых падзеях і юбілейных датах бягучага года, якія датычацца беларускай гісторыі і гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.
Распачалося мерапрыемства з вядомай кожнаму беларусу малітвы святога Кірылы Тураўскага “Дай, добры Божа…”, якую выканаў вакальны ансамбль Навазасімавіцкага сельскага Дома культуры “Амафор” (пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай). Гарманічным дапаўненнем стала выступленне Арыны Сысаляцінай, якая прачытала вершы выбітнага беларускага паэта, насельніка Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра манаха Іаана (Бембеля), вядомага пад псеўданімам Зніч. Канешне ж, не абышлося мерапрыемства і без выступу Валерыя Барылкі і Генадзя Аляксеева. Сябры выканалі пад гітару цудоўныя творы на духоўныя тэмы і чарговы раз сваім эмацыйным выступам выклікалі ў найбольш чулай часткі аўдыторыі слёзы на вачах…
Працягнуў мерапрыемства протаіерэй Міхаіл Носка. Святар зрабіў гістарычны экскурс у мінулае, расказаў прысутным аб жыцці і дзейнасці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашкі), падрабязна разгледзеў пытанне пра Брэсцкую царкоўную унію 1596 г. і яе наступствы, а таксама закрануў падзеі 1863 – 1864 гг.
Напрыканцы сустрэчы айцец Сергій шчыра падзякаваў выступоўцам і тым, хто адклаў свае справы і далучыўся да мерапрыемсва, і заклікаў усіх супольна памаліцца.