Маці Света, Любові, Дабра

Ва ўсіх народаў слова маці — святое. Яна дае жыццё, вучыць першым крокам і словам. Кожны чалавек — стварэнне сваёй маці. Жанчыны, якія падарылі чалавецтву вялікіх людзей, заўсёды выклікаюць захапленне, аднак найвышэй за ўсіх Тая, што стала Маці Хрыста Збаўцы.
10 лютага 2019 г. у рамках тыдня краязнаўчага праваслаўя у Навазасімавіцкім сельскім Доме культуры адбыўся вечар, прысвечаны Прасвятой Багародзіцы, абаронцы і апякунцы ўсіх хрысціянаў. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дырэктар Навазасімавіцкай сельскай бібліятэкі Каршункова Марына Сяргееўна, прыхаджане, панамар і настаяцель храма іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” в. Новыя Засімавічы іерэй Сергій Сысаляцін, бард Валерый Барылка, вакальны ансамбль Навазасімавіцкага сельскага Дома культуры “Амафор” (пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай), супрацоўнікі Дома культуры, Параслянскай сярэдняй школы, жыхары Новых Засімавічаў і навакольных вёсак.
Падчас мерапрыемства вядучыя расказалі прысутным пра абразы Прасвятой Багародзіцы, цудатворныя іконы (на Беларусі іх налічваецца каля 108), якія ў розных кутках нашай радзімы праяўляюць сябе і сваю літасць да людзей. Не засталося па-за ўвагай і знакамітае мясцовае цуда, што адбылося на Светлай сядміцы 1934 г.у храме святога благавернага князя Аляксандра Неўскага г. Пружаны, калі з вачэй Божай Маці на абразе пачалі капаць слёзы.
Падчас мерапрыемства да прысутных звярнуўся настаяцель навазасімавіцкай царквы айцец Сергій Сысаляцін. Святар адзначыў, што праз Прасвятую Багародзіцу Бог явіў вялікія дабрадзействы: увасобіўся і збавіў нас ад вечнай смерці. Як Маці нашага Нябеснага Айца, Багародзіца і наша Маці.
На вечары гучалі духоўныя песнапенні, якія выканаў ансамбль “Амафор”, таксама спевамі пад гітару прысутных парадаваў прыхаджанін Валерый Барылка.
Да Багародзіцы па дапамогу звяртаюцца нашмат часцей, чым да іншых святых, таму ёй прысвечана так многа храмаў, напісана гэтулькі Яе абразоў. Кожны абраз — гэта выпадак рэальнай дапамогі, якую атрымлівалі людзі, звяртаючыся да Найсвяцейшай Багародзіцы; кожны ўзведзены ў Яе гонар храм — сведчанне таго, што мы заўсёды адчуваем сілу Яе любові. Будзем жа маліцца Прасвятой Багародзіцы, славіць і дзякаваць Яе Сыну і Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.