Прагляд фільма «Паломніцтва ў Вечны горад»

12 ліпеня 2017 г. у свята слаўных і ўсехвальных першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў Навазасімавіцкім сельскім Доме культуры настаяцелем храма іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” в. Новыя Засімавічы сумесна з кіраўніцтвам Параслянскай сярэдняй школы і сельскім клубам быў наладжаны прагляд мастацка – публіцыстычнага фільма вядомага расійскага рэжысёра Уладзіміра Хаціненкі “Паломніцтва ў Вечны горад”. Дадзеная кінастужка прысвечана гісторыі хрысціянства ў Рыме ў першыя стагоддзі ад Раства Хрыстова.
Нягледзячы на тое, што вышэйзгаданы фільм дэманструецца ў Новых Засімавічах не ўпершыню, на прагляд яго сабралася нямала людзей. Па словах іерэя Сергія Сысаляціна, у кінастужцы апавядаецца аб лёсах апосталаў Пятра і Паўла і іх ролі ў сучаснай хрысціянскай цывілізацыі.
— Гэты фільм можна глядзець кожны месяц, і заўсёды ўбачыш і пачуеш нешта новае, незаўважанае падчас папярэдняга прагляду. Думаю, ён карысны і павучальны для ўсіх хрысціян. Да таго ж прагляд фільма – выдатная нагода, каб сабрацца разам, абмеркаваць убачанае, — дзеліцца айцец Сергій.