З любоўю і дбаннем будавалі свой храм… Да 150-годдзя Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў вёсцы Мокрае
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік, з архіваў святара Аляксандра Сеня і рэдакцыі
У гэтыя дні сваё 150-годдзе святкуе храм святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Мокрае. Калі быць дакладнымі, то менавіта 3 чэрвеня 1873 года ён быў асвечаны Пружанскім благачынным святаром Мікалаем Жуковічам.
Але што мы наогул ведаем пра тагачаснае Мокрае? Давайце паспрабуем зазірнуць углыб стагоддзяў.

Зараз гэта даволі буйная, сучасная, выдатна добраўпарадкаваная і вельмі прыгожая вёска. Яна ў літаральным сэнсе злучаецца з суседнімі Казламі і разам з імі ўтварае аграгарадок Жураўліны, вядомы перш за ўсё гасцінічна-турыстычным комплексам «Мікалаеўскі» і мемарыялам на месцы расстрэлу мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адкрытае акцыянернае таварыства «Жураўлінае», у склад якога ўваходзіць аднайменны аграгарадок, — адно з вядучых не толькі ў нашым раёне, але і ў Брэсцкім рэгіёне.
А што ўяўляла сабой Мокрае да таго, як на тутэйшыя балоты ў 1960-я гады рушыла меліярацыйная тэхніка? Напэўна, пра гэта сведчыць сам тапонім.

Можна ўявіць, што нашы продкі, якія некалі сяліліся сярод балот, былі вельмі працавітымі і цярплівымі людзьмі: інакш у складаных умовах было проста не выжыць. І, канечне, рэлігійнымі. Звестак, калі тут пабудавалі самы першы храм, мы не знайшлі, але з паслужных спісаў уніяцкіх свяшчэннаслужыцеляў можна зразумець, што ў 1702 годзе царква стаяла, служыў у ёй да 1725 года святар Андрэй Гамаліцкі.
У візітацыі (так называліся рэвізіі маёмасці ў каталіцкіх і ўніяцкіх цэрквах), праведзенай Антоніем Каранкевічам у 1759 годзе, указана, што царква, пабудаваная панам Міхалам Лахоўскім (менавіта роду Лахоўскіх належаў спачатку маёнтак Мокрае) была асвечана ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Была яна драўляная, без званіцы, верагодна, што мясцілася на гэтым жа месцы, што і цяпер.

У фундушы на падымны падатак на 1775 год (маёнтак ужо належаў Булгарыну) гаворыцца, што плябанія ўключала вёскі Мокрае і Казлы.
Уніяцкіх святароў у сярэдзіне 19-га стагоддзя змянілі праваслаўныя. У розных дакументах сустракаем звесткі пра Іаана Будзіловіча, Юліяна Лявіцкага (у 1863 годзе паўстанцамі Каліноўскага быў забіты котранскі святар Раман Рапацкі і яго пахаваннем займаўся «састарэлы святар Мокраўскай царквы Лявіцкі»), Ігнація Смольскага. Апошні пакінуў найбольш значны след, аддаў служэнню ў Мокраўскім прыходзе больш за тры дзясяткі гадоў. Ігнацій Іосіфавіч быў прызначаны сюды пасля смерці Лявіцкага ў 1868 годзе і заставаўся ў Мокрым да самага свайго скону 7 лютага 1902 года.

Як сведчыць некралог у «Гродненских епархиальных ведомостях», айцец Ігнацій пайшоў з жыцця ва ўзросце 65 год, «пакінуўшы жонку і трох непрыстроеных дачок». Пахаваны святар і яго жонка Анастасія побач з храмам.


Магіла настаяцеля Ігнація Смольскага.
Ігнацій Смольскі фактычна і быў адказны за будаўніцтва новага каменнага храма з такой жа званіцай, закладзенага 29 чэрвеня 1867 года.
Менавіта пасля паўстання 1863-64 гадоў пачалося актыўнае ўзвядзенне дабротных будынкаў праваслаўных цэркваў, так званых «мураўёвак», бо будаваліся яны па заступніцтве графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва. Грошы ў колькасці 6634 рублёў і 47 капеек былі выдзелены казной, а само будаўніцтва вялося мясцовым прыходскім папячыцельствам. Прыхаджане ўзялі на сябе выкананне ўсіх чарнавых работ, а таксама ахвяравалі грошы ў памеры 986 рублёў 28 капеек. На гэтыя ахвяраванні былі зроблены рызніца, бакавыя дзверы з франтонамі і ганкамі і набыты новыя царкоўныя прылады. Найбольш значныя ахвяраванні былі зроблены протаіерэем Ігнаціем Смольскім (100 рублёў), салдаткай Маланняй Плескавай (23 рублі), селянінам Якавам Зеленяком (10 рублёў). Таксама сярод ахвяравальнікаў называліся псаломшчык Тымінскі, сяляне Павел Соцкі, Іван Гвай, Пелагея Лісава.
Прамовы пры асвячэнні храма 3 чэрвеня 1873 года сказалі святары Мікалай Жуковіч і Канстанцін Макавельскі. Яны казалі пра духоўную радасць, пра тое, што любоў і дбанне, з якімі людзі будавалі свой храм, павінны мець адлюстраванне ў іх далейшым жыцці.

Згодна са звесткамі на 1899 год пры Свята-Петра-Паўлаўскай царкве было 3485 вернікаў (1718 мужчын і 1767 жанчын). Прыход уключаў 11 вёсак: Мокрае, Бузуны, Жадзены, Казлы, Кушлі, Ляжайка, Ліхачы, Нямковічы, Парасляны, Пасталова і Янаўцы. Працавалі пяць царкоўных школ: у Бузунах, Жадзенах, Ляжайцы, Мокрым і Параслянах, дзе навучаліся 141 хлопчык і 10 дзяўчынак.
Войны і атэістычныя настроі першай паловы ХХ стагоддзя прывялі да таго, што ў 1949 годзе Мокраўскі храм стаў прыпісным да прыходу вёскі Руднікі, а 1 чэрвеня 1961 года і зусім зачынены і зняты з уліку. Усе абразы і царкоўныя рэчы былі перавезены ў Рудніцкі храм Пакрова Багародзіцы, а апусцелая царква пачала паступова разбурацца.
Калі ў 1980-90-я гады грамадства нарэшце павярнулася тварам да веры, мясцовыя жыхары спрабавалі аднавіць храм, але на такія значныя работы не хапала грошай. Толькі ў 1997 годзе самыя смелыя мары вернікаў змаглі ўвасобіцца ў жыццё: на дапамогу ім прыйшоў зямляк, ураджэнец вёскі Казлы Пётр Пятровіч Пракаповіч, які на той час займаў пасаду старшыні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Мітрапаліт Філарэт прымае хлеб-соль ад прыхаджан у дзень асвячэння храма 17 снежня 2000 года.

Нягледзячы на выдзеленыя дзяржавай сродкі, рамонтна-аднаўленчыя работы працягваліся ажно тры гады. І нарэшце 17 снежня 2000 года адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага храма. У гэты дзень — на свята вялікапакутніцы Варвары — царква была асвечана Філарэтам, мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, прайшло першае амаль за 40 гадоў набажэнства. Менавіта гэтая дата стала другім днём нараджэння ў гісторыі царквы.
Таксама дзякуючы дапамозе Пятра Пракаповіча былі пералічаны сродкі на выраб іканастаса і абразоў у Кобрынскім мастацкім вучылішчы.
З 2001 года настаяцелем царквы з‘яўляецца протаіерэй Аляксандр Сень. Ён аказаўся дбайным і ўважлівым гаспадаром прыхода. За больш чым два дзесяцігоддзі царква не састарылася, а наадварот, нібыта памаладзела. Свой юбілей яна сустракае ўрачыста ўпрыгожанай, у акружэнні квітнеючых ружаў.
Веліч і прыгажосць храма нібы датыкаюцца да душы, нараджаюць узнёслы настрой, жаданне стаць лепш, чысцей. Як хочацца захаваць гэтыя адчуванні назаўсёды…